Translate

Экскурсии

Экскурсійная дзейнасць – гэта адзін з накірункаў дзейнасці этнаграфічнага музея “Хата ў жыцці беларуса”. На базе музея працуе гурток “Юныя экскурсаводы”. У выніку яго дзейнасці падрыхтаваны тры групы экскурсаводаў. Гэта вучні 5 -8 класаў. Яны праводзяць у музеі аглядную і тэматычныя экскурсіі (“Хата ў жыцці беларуса”, “Таямніцы беларускай хаты”, “Ад калыханкі да галашэння” , “Беларуская лялька”, “Паазерскі ручнік”).



Па выніках кожнай праведзенай экскурсіі вызначаецца лепшы экскурсавод. Для замацавання ведаў па традыцыйнай беларускай культуры з экскурсаводамі праводзяцца разнастайныя віктарыны, прапануюцца займальныя заданні. Штогод ў музеі праводзіцца гасцёўня, на якую запрашаюцца бацькі экскурсаводаў.

Пры правядзенні экскурсій вучні абавязкова выкарыстоўваюць гульнёвы метад актывізацыі наведвальнікаў.

Так, падчас аповеду пра выхаванне дзяцей і падлеткаў у беларускай сям’і наведвальнікам прапануецца пагуляць у народную гульню “Вузел”.




Выкарыстоўваецца таксама метад ролевай гульні: наведвальнікам прапануецца выканаць ролю госця ў сялянскай хаце (павітацца з гаспадаром, дзедам Апанасам), ролю гаспадыні (дастаць кашу з печы), ролю гаспадара (дастаць вады з калодзежа) і інш. З 2009 г. у музеі праводзяцца тэатралізаваныя экскурсіі. Галоўная асаблівасць метаду тэатралізацыі ў тым, што тут няма гледачоў. Усе ўдзельнікі з’яўляюцца і акцёрамі, і гледачамі.









Выглядае гэта наступным чынам: ідзе экскурсія, наведвальнікі пераходзяць ад аднаго раздзела экспазіцыі да другога, і раптам, зайшоўшы ў “сялянскую хату”, яны становяцца ўдзельнікамі абраду “Дзяды”, калі гэта лістапад, або гаспадарамі, якія прымаюць калядоўшчыкаў, калі гэта снежань – студзень. У цёплую пару года, калі экскурсіі праводзяцца і на вуліцы (там знаходзіцца экспазіцыя пад адкрытым небам “Лекавы агарод”), наведвальнікі музея становяцца ўдзельнікамі каляндарнага свята Ляльнік (у маі) або Багач (у верасні).

Трэба адзначыць, што музей наведваюць не толькі вучні школы.

Тут праводзяцца экскурсіі і заняткі для дзяцей дашкольнага ўзросту, школьнікаў з розных школ горада, шматлікіх гасцей школы і горада.

Сярод наведвальнікаў апошніх гадоў можна назваць дэлегацыю настаўнікаў СШ №18 г.Пскова, студэнтаў ПДУ з Арабскіх Эміратаў, вядучых і рэжысёраў тэлепраекта “Песні маёй краіны” (тэлеканал “ОНТ”) Вольгу Няфёдаву, Алега Гарбуза і іншых, дэлегацыю ПРААН/ЕС ў Беларусі на чале з кіраўніком прадстаўніцтва ААН у Беларусі А. Брук, прадстаўнікоў Парка высокіх тэхналогій, Мінпрыроды і інш.





У рамках супрацоўніцтва школьнага музея з Музеем гісторыі і культуры г.Наваполацка нашы юныя экскурсаводы прымаюць удзел у майстар-класах, што ладзяцца ў гарадскім музеі гісторыі і культуры. Пад час такіх сустрэч навуковыя супрацоўнікі дзеляцца з вучнямі сакрэтамі сваёй прафесіі.

Па выніках усіх заняткаў і сур’ёзных іспытаў музейшчыкі-прафесіяналы вырашаюць хто з вучняў мае права атрымаць сертыфікат школьнага экскурсавода.

Сертыфікаты ўручаюцца на свяце “Музей збірае сяброў”, што праводзіцца ў Міжнародны дзень музеяў. У 2013 г. наш музей упершыню ўдзельнічаў у конкурсе юных экскурсаводаў. Дар’я Ільюхіна, экскурсавод з 4-гадовым вопытам, паспяхова прадставіла журы тэматычную экскурсію “Аляксей музыка і прыгоды яго скрыпкі”. Вынікам удзелу ў конкурсе сталі Дыпломы I ступені на абласным і рэспубліканскім этапах конкурса юных экскурсаводаў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий