Translate

Наши проекты

У 2009 г. па рашэнню конкурснай камісіі сумеснага праекта ЕС/ПРААН ў Беларусі “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні” г.Наваполацк стаў адным з 35 пілотных рэгіёнаў для падтрымкі працэсаў устойлівага развіцця. Тут трэба адзначыць, што пад устойлівым развіццём разумеецца такое развіццё, якое задавальняе патрэбы сучаснага пакалення, але пры гэтым не ставіць пад пагрозу магчымасць будучых пакаленняў задавальняць ужо іх уласныя патрэбы. Не сакрэт, што нашы продкі ўмелі жыць у суладдзі з прыродай, беручы ад яе многае, у той жа час не парушаючы прыродны баланс, з вялікай любоўю і павагай адносячыся да роднай зямлі-матухны.
У 2010 г. з мэтай захавання і прапаганды беларускай культурнай спадчыны калектыў нашай школы прыняў удзел у конкурсе ініцыятыў у межах праекта ЕС/ПРААН ў Беларусі “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. 11 чэрвеня 2010 г. у рамках адкрыцця ў г. Наваполацку інфармацыйнага цэнтра адбылася прэзентацыя нашай ініцыятывы “Спадчына роднай зямлі”. Школу і музей наведала дэлегацыя з прадстаўнікоў ЕС, Мінпрыроды, ААН у Беларусі на чале з А.Брукам. Было вельмі прыемна чуць шчырыя словы падзякі, бачыць сапраўдную зацікаўленасць. У жніўні 2010 г. ініцыятыва “Спадчына роднай зямлі” была падтрымана і прафінансавана.

Мэтай ініцыятывы “Спадчына роднай зямлі” з’яўляецца захаванне і прапаганда беларускай культурнай спадчыны шляхам адраджэння і правядзення свята “Багач” у арганізацыях і на прадпрыемствах горада Наваполацка.Тут трэба адзначыць, што свята Багач адзначаецца 21 верасня і з’яўляецца адмнтнай рысай беларусаў, так як падобнай і такой багатай абраднасці няма ў суседніх народаў. У гэты дзень нашы продкі падводзілі вынікі сваёй летняй дзейнасці, ацэньвалі сабраны ўраджай і дзякавалі Багоў і Духаў за дапамогу.


Трэба заўважыць, што ў рамках рэалізацыі нашай ініцыятывы мы не ставілі сабе за мэту прадэманстраваць навапалачанам непасрэдна сам каляндарны абрад “Багач” або яго рэканструкцыю. Гэта хутчэй свята для сучасных гараджан, у аснове якога ляжыць каляндарны абрад “Багач”. Працуючы над сцэнарыем свята, мы выкарыстоўвалі мясцовы этнаграфічны матэрыял і, у той жа час, разумелі, што гледачамі і ўдзельнікамі будуць людзі з абсалютна рознымі інтарэсамі, з рознымі адносінамі да традыцыйнай беларускай культуры. Таму нашай асноўнай мэтай было пераканаць гараджан, мясцовую супольнасць у тым, што народная культура – гэта цікава, яскрава, прыгожа, што спадчына нашых продкаў – гэта тое, чым мы можам па сапраўднаму ганарыцца, а для гэтага павінны яе ведаць. У нашых планах было 8 выступленняў на розных пляцоўках горада. Але на самой справе іх аказалася нават больш, бо пасля заканчэння тэрміну рэалізацыі ініцыятывы удзельнікаў свята запрашалі выступаць яшчэ і яшчэ.А пад час заліковага выступлення ў Навапалоцкім дзяржаўным ліцэі калектыў вучняў і настаўнікаў нашай школы атрымаў прапанову наведаць з выступленнямі г.Ліваны (Латвія) для абмену вопытам у дадзеным накірунку.

На наш погляд праект, звязаны з адраджэннем і папулярызацыяй традыцыйнага каляндарнага свята “Багач” дапамог нам прыцыягнуць увагу мясцовай супольнасці да пытанняў вывучэння і адраджэння народных традыцый, спадчыны роднай зямлі і пасадзейнічаў захаванню і перадачы будучым пакаленням ведаў і ўяўленняў нашых продкаў аб Сусвеце, прыродзе, аб сваім месцы ў ёй.

Комментариев нет:

Отправить комментарий